Рэспубліканская моладзевая грамадская арганізацыя "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" заснаваная ў жніўні 1998 г.
Асноўныя мэты дзейнасці:
– захаванне, развіццё і забеспячэнне пераемнасці беларускай аўтэнтычнай культурнай традыцыі;
– захаванне і аднаўленне натуральнага асяроддзя існавання традыцыйнай этнічнай культуры, беларускага прыроднага і культурнага ландшафта.
За час існавання РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" правяло больш за 30 этнаграфічных экспедыцый у розныя раёны Беларусі, стварыла ўласны навуковы архіў і этнаграфічныя калекцыі.
Іншыя накірункі працы СЭТ:
- правядзенне традыцыйных святаў і абрадаў, удзел у святах, якія адбываюцца ў аўтэнтычных асяродках;
- правядзенне летнікаў, гурткоў, майстар-класаў па народных рамёствах;
- навучанне традыцыйным спевам і танцам;
- правядзенне мастацкіх выстаў і фестываляў;
- выданне фальклорных матэрыялаў у выглядзе друкаваных выданняў і кампакт-дыскаў, стварэнне вучэбна-метадычнай літаратуры;
- правядзенне творчых сустрэч, лекцый, семінараў;
- правядзенне акцый экалагічнага характару, ахова ландшафтных і архітэктурных помнікаў;
- папулярызацыя традыцыйнай культуры ў СМІ;
- удзел у міжнародных фестывалях, святах, летніх школах.
РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" супрацоўнічае з рознымі навукова-даследчымі і навучальнымі ўстановамі краіны: Навукова-асветніцкім цэнтрам БДПУ імя М.Танка, Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАНБ, Беларускім інстытутам праблем культуры, Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту, установамі культуры ў рэгіёнах Беларусі, а таксама з маладзёжнымі арганізацыямі і фальклорнымі калектывамі Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі.
У 2014 г. акрэдытавана у якасці экспертнай арганізацыі пры Міжурадавым камітэце ЮНЭСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Рада таварыства дзейнічае ў Мінску, дзе знаходзіцца офіс СЭТ, у Гародні, Віцебску і Магілёве існуюць нашыя рэгіянальныя суполкі.